ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА,

востранакіраваная антэна, якая мае крывалінейнае металічнае або металізаванае люстэрка. Бывае адналюстэркавая (напр. парабалічная, рупарна-парабалічная, сферычная) і больш дасканалая шматлюстэркавая (антэна Касегрэна, Грэгары). Для змяншэння масы і ўплыву ветру люстэркі вырабляюць з сеткі, правадоў, паралельных пласцін ці з перфарыраваных (з адтулінамі) металічных лістоў. Л.а. выкарыстоўваюцца ў дыяпазоне звышвысокіх частот у радыёрэлейнай сувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)